Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Герой гэтага тэксту — Іван Пташнікаў.

Раней мы расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, Янку Брыля і Алеся Разанава, Янку Маўра і Рыгора Барадуліна, Змітрака Бядулю і Уладзіміра Дубоўку, Пімена Панчанку і Вячаслава Адамчыка.

1. Атрымаў прызнанне без легенды пра самога сябе

Біяграфію Івана Пташнікава можна падзяліць на два няроўныя этапы. Першы — дзяцінства і юнацтва — быў поўны выпрабаванняў.

«Я тройчы сталічны чалавек. Нарадзіўся [ў 1932 годзе] ў Плешчаніцах (дакладней, у вёсцы Задроздзе ранейшага Плешчаніцкага раёна. — Заўв. рэд.), вучыўся ў Лагойску, жыву ў Мінску; а так як у Беларусі тры сталіцы: Мінск, Лагойск і Плешчаніцы, то…», — цытаваў яго аповед пісьменнік Андрэй Федарэнка. Забягаючы наперад, скажам, што менавіта Лагойшчына стала месцам дзеяння ўсіх яго твораў. Як адзначаў даследчык Серафім Андраюк, Пташнікаў пісаў іх, грунтуючыся на асабістым жыццёвым вопыце.

Да нападу немцаў Іван паспеў скончыць тры класы пачатковай школы. Падчас акупацыі і блакады партызанскіх атрадаў разам з сям’ёй хаваўся ад карнікаў па лясах і балотах, дзе перажыў голад і холад. Аднойчы расказваў, што піў ваду, выціснутую з балотнага моху, і тое была «самая смачная ў свеце вада, халодная і кісленькая, з чорнымі макаўкамі». Паэт Ніл Гілевіч распавядаў, што Пташнікаў «амаль усё жыццё з адной ныркай» — бадай, гэта наступства тых выпрабаванняў.

Іван Пташнікаў пасля заканчэння сямігодкі. 1948 год. Фота: nlb.by
Іван Пташнікаў пасля заканчэння школы-сямігодкі. 1948 год. Фота: nlb.by

Пасля вайны будучы пісьменнік басанож па марозе, разам са смяротна хворым на сухоты бацькам, ішоў у Плешчаніцы, каб працягнуць адукацыю ў мясцовай школе. Акурат у тыя часы яго і сваякоў пры аднаўленні дакументаў запісалі пад вядомым нам прозвішчам (ад нараджэння ён быў Іван Пташнік). У 1951-м, скончыўшы школу, юнак паехаў паступаць у Тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў) на акцёра. Паспяхова прайшоў усе іспыты — але напрыканцы атрымаў 2 па рускай мове.

«А мяне пачалі ўгаворваць застацца, угаворваў, помню, сакратар прыёмнай камісіі: і стыпендыю дадзім, і інтэрнат… <…>. Можа, я і астаўся б, але… У дні нашых прыёмных экзаменаў на сцэне опернага тэатра ішлі гастролі Ленінградскага драматычнага тэатра <…>. Я, родам з вясковай вуліцы, з лесу, з поля, трапіў першы раз за кулісы на сцэну. Першы раз… І мне па вачах і па душы сцебанула дэкарацыя — сухім голлем і сухім, пафарбаваным у зялёнае лісцем… Свет здаўся шэрым і вузкім. <…> у мяне на душы стала ціха… Я вярнуўся дамоў. Так што дзякуючы сухой дэкарацыі на сцэне я не стаў акцёрам…»

Фрагмент эскізаў «Што застанецца ў памяці»

Пасля няўдачы Іван вярнуўся дадому і пайшоў працаваць у рэдакцыю мясцовай газеты і настаўнікам у школу. А ў наступным годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ — і гэта стала пачаткам зусім іншага этапу. Скончыўшы ўніверсітэт у 1957-м, Пташнікаў усё далейшае жыццё працаваў рэдактарам: мастацкай літаратуры ў Дзяржвыдавецтве БССР (1957−1958), аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958−1962) і аддзела прозы часопіса «Полымя» (1962−1995).

Ніякіх кіроўных пасад Пташнікаў не займаў. Не ўслаўляў ні камуністычную партыю, ні, пазней, Аляксандра Лукашэнку, але не выступаў і супраць іх — проста ніяк не дэманстраваў сваю грамадскую пазіцыю. Усяго раз пісьменнік быў за мяжой — ды і тое ў суседнім Беластоку, на два тыдні. З «публічных» захапленняў у яго быў толькі тэатр — і тое, бадай, па старой памяці.

«Не любіў кампаній і чарак. Абыякавы быў да спорту. <…> Чым ён цікавіўся, акрамя літаратуры і прыроды? Наколькі памятаю, ён не быў ні рыбаком, ні грыбовікам, ні паляўнічым; праўда, яго неаднойчы бачылі на чыгуначным вакзале ў дажджавіку і з заплечнікам, але, хутчэй за ўсё, ён проста ездзіў пабыць сам-насам з любімай прыродай», — пісаў Андрэй Федарэнка.

Пташнікаў не хацеў кантактаваць з чытачамі і нават не прыйшоў на вечарыну з нагоды ўласнага 70-годдзя. Яго першая і, магчыма, апошняя такая сустрэча адбылася ў 2000-я. Ён нідзе не выступаў і ўсё жыццё пазбягаў інтэрв'ю, адмовіўся пагаварыць нават з нагоды ўласнага 75-годдзя. Вядома толькі пра дзве яго гутаркі з журналістамі: адна мела месца ў савецкія часы, другая ў 2009-м.

Іван Пташнікаў пасля заканчэння сярэдняй школы. 1951 год. Фота: nlb.by
Іван Пташнікаў пасля заканчэння сярэдняй школы. 1951 год. Фота: nlb.by

«Усё часцей ад яго можна было пачуць, што ён не заўважыў, як прайшло жыццё, што з-за вечнай вясковай асцярожнасці, сціпласці ён так мала ад яго ўзяў. „Эх, каб можна было вярнуць… Хоць бы даў сабе волю, хоць бы піў, курыў, нават распуснічаў бы… А так — ну проста няма чаго ўспомніць!“», — перадаваў яго словы Андрэй Федарэнка. Ён жа сфармуляваў і прычыну, чаму Пташнікава слаба ведала масавая аўдыторыя: «Вакол яго імені не было легенды. <…> Ён не быў „прарокам“, „апосталам нацыі“ (а ў нас ад пісьменніка патрабуюць чамусьці толькі гэтага); тое, што ён самародак, непераўзыдзены мастак, ужо мала каго цікавіла».

Сапраўды, біяграфія Пташнікава была вельмі спакойнай і роўнай, ён не быў удзельнікам ані асаблівых падзей, ані скандалаў, не меў ані выбітных учынкаў, ані выкрывальніцкіх дзённікаў, ані страчаных твораў, ні нават ракавога алкагалізму, у адрозненне ад некаторых калег. Пташнікаў — бадай, адзін сярод герояў нашага праекта — быў проста пісьменнікам, які ціха пісаў свае творы і рэдагаваў чужыя. Але гэтая празмерная сціпласць не перашкодзіла яму стаць класікам беларускай літаратуры.

2. Лепш за ўсіх апісаў беларускую прыроду

«Здаецца, не чытаеш, а бачыш малюнак — так ён мог перадаць прыроду. Часам гэтым сваім умельствам Драздоў злоўжываў, і прырода паглынала чалавека, як вялікі лес. Яна падавалася буйным планам, першародная ў сваім харастве, а чалавек раствараўся ў ёй, станавіўся мізэрны, маленькі, як мурашка», — так пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч у рамане «Камень з гары» апісаў літаратара Драздова. Па словах Андрэя Федарэнкі, гэты вобраз той спісаў з Пташнікава. «Ягонае ўслухоўванне ў прыроду ў апавяданнях з першай кніжкі было амаль што самамэтай, вучнёўствам», — згаджаўся даследчык Ціхан Чарнякевіч. Веды Пташнікава ў гэтай сферы былі сапраўды энцыклапедычныя, таму ён лёгка заўважаў недакладнасці ў літаратараў.

Іван Навуменка (злева) і Іван Пташнікаў у час працы ў часопісе «Маладосць». 1959 год. Фота: nlb.by
Іван Навуменка (злева) і Іван Пташнікаў у час працы ў часопісе «Маладосць». 1959 год. Фота: nlb.by

«Я б яшчэ дадаў: прырода ў яго творах часта не толькі паглынае герояў, а ўвогуле як бы існуе асобна ад іх. Такое адчуванне, што яму зусім не важна, чыімі вачыма яе апісваць: партызана ці паліцая, падпяразанага пілою леспрамгасаўца, вясковага шафёра ў мазутнай фуфайцы, капітана энкавэдэ Дувалава ці мінскага летуценнага паэта», — пісаў Федарэнка.

Ён крытыкаваў старэйшага калегу за тое, што Пташнікаў не заўсёды паспяваў за сваімі героямі: «Яны як бы ідуць сваёй дарогай, а аўтар — сваёй: то збоку, то ззаду, увесь час затрымліваючыся, каб апісаць яшчэ іншымі фарбамі пейзаж, кветку або птушку. У яго занадта роўны, запаволены і ад таго крыху аднастайны стыль, які ўмоўна можна назваць „рэтраспектыўным“ — гэта калі героі знаходзяцца ў цяперашнім часе, а падзеі адбываюцца ў мінулым (адзін з любімых яго прыёмаў, напрыклад, такі: „Падае снег. Падаў ён і тады, калі…“)». Менавіта таму, на думку Федарэнкі, вялікія раманы і доўгія аповесці Пташнікава чытаць нялёгка, бо яны «здольныя стаміць нават самага цярплівага чытача, асабліва сучаснага». Затое там, дзе героі і прырода па шчаслівай выпадковасці супадаюць, атрымліваюцца цуды. Адным з іх Федарэнка справядліва называе аповесць «Лонва». Яе герой — таксатар (спецыяліст, які ацэньвае лес), таму «любыя адступленні на гэтую тэму натуральныя і дарэчныя».

«Восень на Мсціжаўшчыне пачынаецца ў жніўні. Пачынаецца ў такія ціхія цёплыя яшчэ вечары захадам сонца, калі на разасланы ўдзень на лагу ля дарогі лён ападае халодная, што вада са студні, раса; калі яшчэ на старым сіўцы на сцежцы гудуць познія пчолы, цяжкія, калматыя, а за плечы крадзецца холад — пастой доўга на дарозе, далёка ад вуглоў; калі яшчэ лётаюць над зямлёй чорныя жукі, гудуць, што вясной, а ў лагчыны спаўзаецца халодны туман, баючыся яшчэ, асцярожна, крадзецца ля самай зямлі, і здаецца тады, што ён хоча ахутаць, схаваць ад людскіх вачэй першыя асеннія ночы…»

Фрагмент аповесці «Лонва»

«Пташнікаў пісаў з неймаверным адчуваннем адценняў вясковага свету, як у навакольнай прыродзе, так і ў псыхалогіі герояў. Было ў гэтым пісьменніцкім адчуванні нешта глыбіннае, нешта настолькі праўдзівае і непадробнае, што яно перасягала часавыя і прасторавыя — відаць, і культурныя таксама — межы», — згадваў свае ўражанні пра гэтую аповесць перакладчык Ян Максімюк. Ён вырас у Польшчы, але ўспрыняў гэты твор як гісторыю пра сябе і свой свет. «Ягоныя кніжкі дыхаюць нечым сапраўды аўтэнтычным і спракаветным, нечым, калі можна так сказаць, архетыпічным», — дадаваў Максімюк, ставячы Пташнікава ўпоравень з самымі значнымі заходнееўрапейскімі празаікамі ХХ стагоддзя.

Іван Пташнікаў (стаіць злева) з рэжысёрам Віктарам Карпілавым (стаіць справа) і артысткай Маяй Булгакавай (сядзіць) у час здымкаў карціны «Тартак». Мінск, 1974 год. Фота: commons.wikimedia.org
Іван Пташнікаў (стаіць злева) з рэжысёрам Віктарам Карпілавым (стаіць справа) і артысткай Маяй Булгакавай (сядзіць) у час здымкаў карціны «Тартак». Мінск, 1974 год. Фота: commons.wikimedia.org

Веданне свету прыроды дазволіла Пташнікаву аператыўна адгукнуцца на Чарнобыль. Ды так, што яго апавяданне «Львы» (1987) называюць адным з найлепшых твораў на гэтую тэму. Галоўны герой — сабака Джукі, гаспадары якога збягаюць ад радыяцыі, а ён застаецца ў зоне адсялення, становіцца аб’ектам палявання і ахвярай той трагедыі.

«Джукі блажыла. Яму выварочвала нутро і язык, — язык рабіўся доўгі, выцягваўся з рота, чырванеў, як агонь, слаўся на траву і на жоўтыя ў цвеце кунатыя адуванчыкі, і з яго цякла зялёная сліна — пенай. Калі блага адпускала, яго адразу хапаў кашаль — сухі, дзяркаты, глыбокі, ад яго падцінала духі, спірала ў вузкіх, маладых яшчэ сабачых грудзях — Джукі не было яшчэ і двух гадоў, — і ён тады задыхаўся ад сухой гарачкі, якая паліла ў горле і востра пахла растаптаным палыном і ёдам».

Фрагмент апавядання «Львы»

3. Прапусціў праз свае рукі значную частку айчыннай прозы

Ладную частку жыцця, з 1962 па 1995 год, Пташнікаў быў рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Полымя». Сярод класікаў такая працоўная стабільнасць сустракалася рэдка: творцы змянялі рэдакцыі, ішлі на павышэнне або на вольны хлеб (у СССР сябры творчых саюзаў мелі права не быць працаўладкаванымі і займацца толькі творчасцю, у «дармаеды», як іншых беспрацоўных, іх не запісвалі). Дзесяцігоддзямі на адной пасадзе з пісьменнікаў знаходзіліся хіба што начальнікі — напрыклад, Якуб Колас як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук (1929−1956) або Максім Танк як старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1967−1990). Прыклад Пташнікава быў унікальным. Змяняліся галоўныя рэдактары (ён паспеў папрацаваць з чатырма), змяняліся калегі, эпохі — а ён заставаўся ўсё тым жа звычайным рэдактарам аддзела. Не прэтэндуючы на большае, але трымаючы сваё.

Іван Пташнікаў (злева) з жонкай Валянцінай, сынам Аляксандрам і дачкой Таццянай у час наведвання мемарыяльнага ансамблю «Саласпілс». Латвія. 1976 год. Фота: commons.wikimedia.org
Іван Пташнікаў (злева) з жонкай Валянцінай, сынам Аляксандрам і дачкой Таццянай у час наведвання мемарыяльнага ансамблю «Саласпілс». Латвія. 1976 год. Фота: commons.wikimedia.org

У тагачаснай літаратурнай іерархіі «Полымя» было галоўным айчынным літаратурным часопісам («Маладосць» больш арыентавалася на пісьменнікаў-пачынальнікаў). Таму Пташнікаў, нягледзячы на, здавалася б, сціплую пасаду, адыгрываў у літаратурным працэсе адну з ключавых роляў, бо менавіта ад яго — на першым этапе, да таго, як аповесць, апавяданне ці раман дабяруцца да галоўнага рэдактара, — залежала, прымаць іх ці не.

Слоў з песні не выкінеш — не ўсе былі гэтым задаволены. Васіль Быкаў ацэньваў працу Пташнікава (ды і не толькі яго) рэзка адмоўна. Рэдактараў ён называў «літаратурнымі паліцаямі», абвінавачваючы іх у тым, што яны «выкручвалі рукі ўсім іншым, хто не трапляў у іх кіраўнічае, як бы пастаўленае над літаратурай кола». Пра Пташнікава ён пісаў, што той «адмаўляў, рэзаў і перайначваў» творы. «Дзіўна, што тое амаль не адбівалася на якасці яго ўласных твораў, якія выходзілі з-пад ягонага пяра зусім неблагія. Але, як часта здараецца, да ўласнага былі іншыя, адмысловыя патрабаванні», — іранізаваў Быкаў.

У сваёй катэгарычнасці ён быў не надта справядлівы: сам Пташнікаў згадваў, што і ягоныя ўласныя творы і крытыкаваліся, і перарабляліся. Да таго ж сам Быкаў у іншым фрагменце сваіх мемуараў прызнаваў, што палымянскі рэдактар хваліў ягоны «Знак бяды» і ніяк не замінаў яго публікацыі.

Але галоўнае, што маюцца зусім іншыя ацэнкі працы Пташнікава. «Пакуль ён быў рэдактарам аддзела прозы ў часопісе „Полымя“, а рэдактарам паэзіі — Анатоль Вялюгін, графаманам дарога туды была закрытая. Хіба што кан’юнктурныя рэчы „пра Ільіча“ ды „пра Вялікі Кастрычнік“ праходзілі. Тут Пташнікаў рад-няволя мусіў падняць рукі ўгору», — расказваў даследчык Анатоль Сідарэвіч. Ён, дарэчы, таксама — як і Быкаў — трапіў пад колы савецкай карнай машыны: пасля асуджэння савецкага ўварвання ў Чэхаславакію ў 1968-м яго прымусова лячылі ад «шызафрэніі», якой у яго не было.

У дадатак Пташнікаў дапамагаў маладым творцам. Напрыклад, ён раіў «неафітам», якія неслі ў «Полымя» свае першыя творы, пачынаць з апісальнай тэхнікі: «Сядаць у лесе ці ў лузе ці папросту на траву ля дому і апісваць тое, што бачыш, — як мага больш падрабязна й дакладна фіксаваць найменшыя зрухі быцця».

«З пэўнымі засцярогамі, вядома, але можна гаварыць, што падобнай тэхнікай карыстаўся і сам Пташнікаў, калі пачынаў», — адзначаў Ціхан Чарнякевіч.

Іван Пташнікаў. Фото: commons.wikimedia.org
Іван Пташнікаў. Фота: commons.wikimedia.org

Пра дапамогу з боку рэдактара, у тым ліку падчас іх сумеснай працы ў «Полымі» («Пакуль я тут, карыстайся момантам. Перадам, што змагу, павучу»), згадваў і Андрэй Федарэнка.

«Уяўляй, што перад табой самы блізкі чалавек, паміж вамі пачатая пляшка гарэлкі, і ты яму простымі словамі, ціха, няспешна, натуральна расказваеш. Можна нават прагаворваць услых. Сам здзівішся, колькі лішняга слоўнага шалупіння адляціць», — перадаваў ён размову з класікам пра тое, як пісаць апавяданні.

Неабходнасць траціць увесь свой працоўны час на чытанне і рэдагаванне чужых твораў ускосна паўплывала на тое, што сам Пташнікаў напісаў менш, чым, бадай, мог бы. «Ён не такі пладавіты, як дзясяткі іншых аўтараў», — прызнаваў Анатоль Сідарэвіч. Зрэшты, збор твораў Пташнікава налічвае чатыры тамы — не так ужо і мала. Ды і нават пасля выхаду на пенсію ў яго былі працяглыя прамежкі паміж напісаннем твораў. Магчыма, праца ў «Полымі» не столькі перашкаджала яму, колькі проста адпавядала яго ўнутранай філасофіі і тэмпарытму.

4. Паказаў жыццё ў экстрэмальных умовах і стаў рэкардсменам па ўжыванні дыялектаў

Праз творы Пташнікава скразной лініяй прайшла Другая сусветная. «Увогуле ж вайна ў [яго] творчасці „жыве“ ўвесь час. „Жыве“ практычна ва ўсіх творах. Але, калі сёння напісанае пра вайну суаднесці з усім тым, што створана пісьменнікам, то зусім выразна можна ўбачыць, што галоўная, вялікая тэма ўсёй творчасці пісьменніка — тэма вёскі. Вайна ў ягоных творах — гэта тое ж жыццё вёскі ў экстрэмальнай сітуацыі», — адзначаў літаратуразнаўца Серафім Андраюк.

Злева направа: Уладзімір Юрэвіч, Васіль Вітка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Ніл Гілевіч, Пётр Машэраў, Анатоль Багатыроў на семінары творчых работнікаў. Возера Нарач. 1972 год.Фота: Я. Самойла, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Злева направа: Уладзімір Юрэвіч, Васіль Вітка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Ніл Гілевіч, Пётр Машэраў, Анатоль Багатыроў на семінары творчых работнікаў. Возера Нарач. 1972 год. Фота: commons.wikimedia.org

Адным з такіх твораў стала аповесць «Тартак» (1967), што расказвала пра лёс вёскі Дальва Лагойскага раёна, спаленай нацыстамі. Галоўнымі героямі становяцца сямёра мясцовых сялянаў, якіх немцы адпраўляюць за 15−20 кіламетраў па збожжа. Заўважым, што «Тартак» быў адным з першых зваротаў да гэтай тэмы. Дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі» з’явілася ўжо ў наступным дзесяцігоддзі.

«Трагізм вайны <…> паказаны не праз колькасць забітых людзей, знішчаных вёсак, а праз жудасныя карціны душэўных пакут людзей, што воляю лёсу апынуліся паміж двух агнёў і адчуваюць надыход нечага немінучага, жахлівага», — пісаў Андраюк. — «Эмацыянальна ўвесь твор насычаны прадчуваннем небяспекі, трывогай і страхам. Усе фарбы падпарадкаваныя стварэнню менавіта гэтай атмасферы. Трагедыю вайны, кроў і пакуты яе адчуваюць, здаецца, і зямля, і неба, і сонца, і месяц. Дым, агонь, людская кроў і людскія пакуты напоўнілі і зямлю, і неба — усё. Сонца ўвесь час у аблачынах, трывожна-чырвонае. Людзі вакол бачаць зарывы пажараў, адчуваюць смурод гарэлага, які заглушае нават жывыя, багатыя пахі лесу: ён „засеў“ у чалавечай свядомасці, псіхіцы».

На думку Андраюка, у «Тартаку» ўпершыню ў творчасці Пташнікава «надзвычай натуральна зліліся голас аўтара і галасы герояў, а само апавяданне ў сваёй рытміцы, у эмацыянальным напаўненні арганічна адпавядае ўнутранаму стану чалавека і зместу тых падзей, якія паказваюцца».

Іван Пташнікаў. Фота: nlb.by
Іван Пташнікаў. Фота: nlb.by

Іван Пташнікаў і ў гэтым, і ў іншых творах — раманах «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984), аповесці «Найдорф» (1975), шматлікіх апавяданнях — выкарыстоўваў багата дыялектных словаў. Андрэй Федарэнка нават называе яго «абсалютным рэкардсменам у беларускай літаратуры» па іх ужыванні.

«Калі б іх усе сабраць, атрымаўся б ладны томік. З гонарам расказваў, як яму даводзілася іх адстойваць: „[Рэдактар „Маладосці“ Уладзімір] Дамашэвіч усё пагражаў: я вашы плешчаніцкія дыялектызмы і барысаўскія русізмы буду высякаць гэтым вашым „тапаром“ (менавіта гэта слова замест „сякеры“ выкарыстоўваў Пташнікаў. — Заўв. рэд.)!“ Цікава, што, ужываючы мноства ўласных, часта незразумелых нават з кантэксту слоў (што такое ляжэйка, гавыла, глытаўка, дарожніца, дзярнак, додніца? што такое дугаць, гломзаць, ажаргаць, ацілягвацца, выцыўкаць і інш., і інш.?), сам Іван Мікалаевіч быў нецярпімы да дыялектызмаў чужых», — адзначаў Федарэнка. Пры гэтым, па словах апошняга, Пташнікаў казаў: «Толькі пасрэдны пісьменнік можа быць цалкам задаволены лексіконам тлумачальнага слоўніка».

«Сорак гадоў яго чытаю і кожны раз думаю: мова, мова і яшчэ раз мова! Пташнікаў — гэта мова. Гэта адно з найбольш пераканаўчых сведчанняў [яе] невычэрпных лексічных багаццяў і фразеалагічна-сінтаксічных магчымасцей», — пісаў паэт Ніл Гілевіч.

5. Стаў апошнім класікам беларускай прозы савецкай эпохі

Ужываць словы «першы» і «апошні» дастаткова рызыкоўна — заўжды ёсць верагоднасць памыліцца і на кагосьці забыцца. Аднак акурат героя гэтага тэксту цалкам справядліва апісваюць як «апошняга класіка беларускай прозы, апошняга майстра слова з пакалення „сена на асфальце“, якое жыло ў гарадскім пейзажы, але сніла свой салодка-атрутны сон пра вёску» (вызначэнне належыць Яну Максімюку).

Сярод пісьменнікаў яго пакалення Іван Пташнікаў сапраўды сышоў апошнім — усяго дзесяць гадоў таму, у 2016-м. З сярэдзіны нулявых новых твораў у яго ўжо не з’яўлялася: у 2005-м у яго здарыўся інсульт, пасля якога пісьменнік не мог сам хадзіць — з дому яго выводзілі толькі ў шпіталь — і ўжо быў не ў стане пісаць. Аднак не па гэтай прычыне яго асоба асацыюецца ў нас толькі з савецкім часам.

Пташнікаў пісаў і пасля распаду СССР. Але ён працягваў весці сваю творчую працу па савецкай мадэлі. Даследчык Дзяніс Марціновіч тлумачыў паводзіны айчынных літаратараў да сярэдзіны 1980-х праз вобраз падводнай лодкі: «Пісьменнік мог некалькі гадоў пісаць раман, знаходзячыся па-за грамадскай увагай (фактычна, „пад вадой“). Потым „усплываў“ — прыносіў твор у рэдакцыю, дапрацоўваў яго, чакаў выдання ў часопісе, а пасля асобнай кнігай… А потым зноў хаваўся „пад ваду“, каб рэалізаваць чарговую творчую задуму».

У савецкі час, калі літаратурны рынак адсутнічаў, як і свабода культурнага жыцця і абмеркаванняў, такая мадэль апраўдвала сябе. Пташнікаў стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф», у 1983-м атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі — усё гэта было заслужаным і дастатковым прызнаннем, і ніякай неабходнасці мяняць падыходы да жыцця не было.

Іван Пташнікаў. 1980-я гады. Фота: Я. Самойла, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Іван Пташнікаў. 1980-я гады. Фота: Я. Самойла, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

У гады незалежнасці аўтар працягваў пісаць, больш за тое — яго мастацкі ўзровень рабіўся толькі вышэйшым. Менавіта ў дзевяностых і асабліва пасля 1995 года — калі ён застаўся без жонкі (памерла ад анкалогіі) і без працы (скарацілі) — у яго, як адзначала дачка Таццяна Пташнікава, «нараджаюцца самыя моцныя творы малых форм — аповесці і апавяданні».

«З гадамі ён пісаў усё лепш. „Львы“, „Пагоня“, „Арчыбал“, „Францужанкі“… І самая апошняя, у 70 гадоў, шэдэўр аўтабіяграфічнай прозы — „Ненапісаная аповесць“», — пералічваў этапныя пташнікаўскія творы дзевяностых Андрэй Федарэнка.

Напрыклад, сюжэт «Пагоні» (1999) разгортваўся вакол пераследу ваўкамі лася.

«Недзе там, адстаўшы ад яго, засталіся ваўкі. <…>. Халодная вада апякла ледзяной гарачынёй і рот, і горла, і ўсё нутро, калола ў зубы і совала нечым вострым аж у галаву пад цяжкія рогі — ніяк сёлета іх не скіне, — і ён чуў, што ад вады слабее, раптоўна, у якую долю часу. Выматаны за дзень — зрушылі яго тры ўзвярэжаныя ад голаду ваўкі ў маладым сосніку пад Ямскім усходам сонца, дзе ён ціха гломзаў мерзлыя калючыя і крохкія сасновыя вяршкі з пупышкамі, якія востра пахлі смалой і вясною, і, не даўшы нават спыніцца на крок, каб перавесці дух, гналі і гналі, насядаючы, па Ямскім лесе. Ён круціў іх па балоце і старасвецкім ельніку, выбег, каб адарвацца аж на поле да вёскі, пад Леснікі, але і яны — трое — выбеглі за ім…»

Фрагмент апавядання «Пагоня»

Аднак гэта была не проста таленавіта напісаная гісторыя пра паляванне драпежнікаў і змаганне розных відаў за існаванне. «Эмацыянальным ладам, глыбінным ідэйным зместам, трагічным гучаннем твор гэты ўсё тое, што раней пісьменнік сказаў пра рэпрэсіі, пакуты і выпрабаванні ў часы культу асобы, узнімае на вышэйшую ступень абагульнення, уводзіць у сучаснасць, праецыруе на будучыню. Гісторыя пра ваўчыную пагоню за ласём і пра тое, чым усё завяршылася, набывае ў апавяданні апакаліптычнае гучанне», — адзначаў Серафім Андраюк.

Іван Пташнікаў. Фота: nlb.by
Іван Пташнікаў. Фота: nlb.by

Аднак час змяніўся, і проста добра пісаць было ўжо мала, каб твае творы заўважылі. «Такіх рэчаў ужо не было каму чытаць, а калі і былі такія, іх словы ўжо нічога не значылі», — горка канстатаваў Андрэй Федарэнка. Літаратарам цяпер трэба было праяўляць грамадскую актыўнасць, прасоўваць сябе, «прадаваць» свае творы, чаго аўтар «Тартака» і «Лонвы» не ўмеў. Ён пісаў шэдэўры, але яны аказаліся неацэненымі і невядомымі амаль нікому, апрача вузкага кола знаўцаў.

Такім чынам, Іван Пташнікаў быў апошнім беларускім класікам ХХ стагоддзя, які трымаўся савецкай мадэлі творчага жыцця, і менавіта таму сам застаўся пісьменнікам савецкай эпохі, хоць часава і выйшаў за яе межы.

Сімвалічна, што ён так і не атрымаў званне народнага пісьменніка, якое магло б стаць апошняй праявай прызнання ў духу той старой мадэлі. У пачатку нулявых на яго ўжо рыхтавалі дакументы для ўзнагароджання, аднак перашкодзіў «нейкі ўплывовы чалавек ва ўладным атачэнні». Бадай, гаворка пра экс-міліцыянера і прыхільніка Лукашэнкі Мікалая Чаргінца, які ў 2005-м узначаліў новаствораны праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Чаргінец быў аўтарам мноства дэтэктываў, і Пташнікаў калісьці сказаў, што дачынення да літаратуры яны не маюць, — магчыма, за гэта той яму і адпомсціў.

Дарэчы, сам Чаргінец тытул «народнага пісьменніка» атрымаў у 2022 годзе, але тое была пустая перамога: званне ўжо ператварылася ў рудымент, ды і чытаць творы былога сілавіка ніхто не будзе. А вось творы Івана Пташнікава ёсць і будуць залатым фондам беларускай літаратуры.